Падлеткі Астравеччыны бегалі супраць наркотыкаў

IMG_0576.jpg

Замест шкодных звычак падлеткі Астравеччыны выбіраюць здаровы лад жыцця. Найбольш актыўныя і спартыўныя прадэманстравалі гэта нядаўна на гарадскім стадыёне падчас асенняга лёгкаатлетычнага кросу, які сёлета прайшоў пад дэвізам “Мы супраць наркотыкаў”.

Сапраўды, навошта знарок выбіраць падманлівы і змрочны шлях, калі ёсць сотні куды больш цікавых, карысных і бясшкодных альтэрнатыў? Адзін з іх – заняткі спортам і здаровы лад жыцця. Прыемна, што гэтай думкі прытрымліваюцца і многія школьнікі. Хоць рады ўдзельнікаў традыцыйнага кросу і былі злёгку “прарэджаныя”, але спаборніцтвы прайшлі насычана і весела.

IMG_0565.jpg

У сваіх узроставых групах дзеці дэманстравалі хуткасць на розных дыстанцыях. Распачалі забег дзяўчаты 2008 года нараджэння і малодшыя – ім трэба было пераадолець 1 000 метраў. “На старт! Увага! Марш!” – і чародка юных спартсменак рванула наперад. У кожнай была свая тактыка: адны адразу пачалі выкладвацца поўнасцю, іншыя прыбераглі сілы для рашаючага рыўка на фінішнай прамой. У выніку хутчэй за астатніх з задачай справілася Эмілія Мальдзіс (Гудагайская СШ), на 2-м месцы – Алеся Добыш (Варнянскі НПК), на 3-м – Аляксандра Казюлевіч (СШ №1).

Следам стартавалі хлопчыкі гэтай жа ўзроставай катэгорыі, якія таксама беглі 1 000 метраў. Пераможцам стаў Яўген Трафімчык (Міхалішкаўская СШ), 2-е месца заняў Сяргей Жакун (СШ №3), а 3-е – Дзяніс Валанцэвіч (Міхалішкаўская СШ).

Гэтую ж дыстанцыю пераадольвалі і юныя лёгкаатлеткі 2006-2007 гадоў нараджэння. Адразу дзве ступені п’едэсталу захапілі варнянскія спартсменкі – Рэната Валай і Вікторыя Міхайлоўская занялі 1-е і 2-е месцы адпаведна. Аліна Андрыеўская (Гудагайская СШ) фінішавала трэцяй.

А вось іх равеснікі-юнакі беглі 2 000 метраў. Найлепшы вынік сярод іх прадэманстраваў Мікіта Базюк (Гервяцкая СШ), на 2-м месцы – Павел Собаль (Гудагайская СШ), на 3-м – Яраслаў Паўлюкевіч (Міхалішкаўская СШ).

У старэйшай катэгорыі 2004-2005 гадоў нараджэння ўдзельнікаў было няшмат. Сярод дзяўчат, якія пераадольвалі адлегласць у 2 000 метраў, 1-е месца заняла Валерыя Маркоўская (СШ №2), а 2-е – Эла Валанцэвіч (Міхалішкаўская СШ).

Сярод юнакоў гэтага ўзросту на спаборніцтва падаў заяўку толькі адзін удзельнік – Канстанцін Юркойць (Варнянскі НПК). Аднак ён добрасумленна прабег 3 000 метраў і годна заняў 1-е месца. А кампанію і канкурэнцыю яму склаў Яўген Трафімчык, які вырашыў выступіць на гэтай дыстанцыі ў асабістым заліку, паказаў добры вынік і стаў 2-м.

IMG_0633.jpg

IMG_0605.jpg

IMG_0582.jpg

Пераможцы і прызёры лёгкаатлетычнага кросу атрымалі дыпломы і медалі. Але галоўнае, яны ў чарговы раз пераканаліся, што спорт – гэта фундамент здароўя і добрага настрою!

 

 


Текст: Марина Мацкевич

Фото: Марина Мацкевич
Категория: Что нового?

Поиск

RSS новости tut.by

Посетители:

Сейчас 8 гостей и ни одного зарегистрированного пользователя на сайте